«ПАМЕ́НТНІК НАУКО́ВО-ЛІТЭРА́ЦКІ»

(«Pamiętnik naukowo-literacki», «Навукова-літаратурны дзённік»),

літаратурна-мастацкі альманах радыкальна-дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1849—50 у Вільні на польскай мове Р.А.Падбярэскім. Выйшлі 2 тамы ў 6 кнігах. Падзяляў эстэт. погляды В.​Р.​Бялінскага і натуральнай школы, крытыкаваў ням. ідэаліст. філасофію за адарванасць ад жыцця. Разам з тым сцвярджаў прынцыпы рамантызму, генетычна звязанага з ням. рамант. думкай і філасофіяй Г.​Гегеля. Змясціў творы А.​Адынца, Ю.​Гарайна, Э.​Жалігоўскага, Ю.​Корсака, У.​Сыракомлі і інш. ураджэнцаў Беларусі. Абвінавачаны ў распаўсюджванні «варожага ўраду духу» і ў 1851 забаронены.

У.​І.​Мархель.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)